Беларуская Служба

На трохдзённыя вучэнні з тылавікамі з запасу прызавуць больш за 100 ваеннаабавязаных

21.05.2024 14:00
На фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны рэжым Лукашэнкі пастаянна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы.
Ілюстрацыйны здымакфота: Zerkalo.io/Tut.by

Камандна-штабныя вучэнні з органамі ваеннага кіравання і вайсковымі часцямі тылавога забеспячэння пройдуць 21–23 траўня ў Беларусі, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-служба Міністэрства абароны краіны.

Адзначаецца, што для ўдзелу ў іх з запасу прызавуць больш за 100 ваеннаабавязаных.
На вучэннях плануецца адпрацаваць «пытанні кіравання тылавым забеспячэннем войскаў, разгрупавання запасаў матэрыяльных сродкаў, выкананне мерапрыемстваў па падвышэнні жывучасці аб’ектаў вайсковых часцей і арганізацый тылу».

Трэніроўкай кіруе намеснік міністра абароны па тыле – начальнік тылу Узброеных сіл Андрэй Бурдыка.
Напярэдадні Мінабароны абвясціла пра прывядзенне ў гатоўнасць да «выканання задач па прызначэнні» батальённай тактычнай групы 6-й асобнай механізаванай брыгады (дыслакуецца ў Гродне) – «у рамках праверкі».

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

аз